Размова са стваральнікам першага беларуска-рускага перакладчыка Белазар


Шмат каму ў беларускай частцы сеткі Інтэрнэт вядомы гэта адрас:
http://belazar.belinter.net. Тут знаходзіцца адзіны ў свеце электронны перакладчык з рускай на беларускую мову і наадварот. Аб гэтым сёння і пойдзе размова з яго аўтарам і вытворцам Алегам Азароўскім.

Алег, паведайце крыху нашым чытачам аб сабе. Кім працуеце, дзе вучыліся?

Я атрымаў вышэйшую адукацыю на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ. Пасля заканчэння навучання ў 1995 годзе працаваў сістэмным адміністратарам і праграмістам на дзяржаўнай службе. А зараз працую праграмістам у кампаніі, занятай у аўтабізнэсе, якая дынамічна развіваецца (не буду даваць назву, каб не палічылі рэкламай J ). Праца над Белазарам, а таксама іншыя Інтэрнэт-праекты гэтага кшталту гэта маё хобі, якому я прысвячаю свой вольны час.

Як, дарэчы прыйшла думка аб стварэнні электроннага перакладчыка, мабыць каму жадаеце выказаць падзяку за дапамогу?

Дзесьці ў 2000 годзе падчас блукання па Сеціве мне на вочы трапіўся пераклад інтэрфейсу да вядомага файл-мэнэджэра Windows Commander (зараз ён перайменаваны ў Total Commander). Гэта была першая праграма на беларускай мове, якая зявілася на маім кампутары. Мяне зацікавіла гэтая тэма, і на працягу 2000-2001гг. я выканаў пераклады некаторых папулярных Windows-праграм на беларускую мову. Адначасова быў створаны рэсурс BelarusSoft (зараз ён размешчаны на серверы TUT.BY па адрасу
http://belsoft.tut.by), на якім знаходзяцца гэтыя і іншыя пераклады. Ну, але гэта тэма для іншай гутаркі. На той час не існавала ніякіх праграмных сродкаў, якія маглі б дапамагчы мне ў гэтай справе. Вось у мяне і зявілася задумка стварыць прыладу для аўтаматызацыі працэсу перакладання. Тое, што Белазар паступова ператварыўся ў перакладнік амаль камерцыйнай якасці немалая заслуга маіх настаўнікаў з БДУ, а таксама маці, якая дапамагала сваімі парадамі ў мовазнаўстве.

А якія складанасці былі падчас стварэння праграмы? Што было цяжэй за ўсё?

Перш чым брацца за праграмаванне, мне прыйшлося вывучыць асноўныя падыходы ў лінгвістычнай апрацоўцы тэкстаў, бліжэй прыглядзецца да працы іншых перакладчыцкіх праграм. Дапамагала тое, што беларуская і руская мова даволі падобныя адна да адной (у параўнанні, напрыклад, з парай беларуская ангельская мова). Таму, каб атрымаць прымальную якасць перакладу, не было патрэбы ствараць вельмі складаныя алгарытмы аналізу тэкстаў. Іншай праблемай было веданне моў. Я лічыў, што дастаткова валодаю абедзвума мовамі, пакуль не ўзяўся за гэтую працу. Прышлося пагартаць школьныя падручнікі па беларускай і рускай мове J…

Калі асноўныя напрамкі працы былі вызначаныя, я адчыніў Delphi і застукаў клавішамі J.

Першая дэма-версія праграмы была апублікаваная ў лістападзе 2002г. Адразу ж мне пачалі прыходзіць лісты ад карыстальнікаў Белазара, якія выказвалі сваю ўдзячнасць, і давалі свае заўвагі і прапановы па далейшаму развіццю праекта. Я і зараз адчуваю магутную падтрымку карыстальнікаў.

Дакладна вядома, што тэмай аўтаматызаванага беларуска-рускага перакладання зацікавіліся прафесійныя распрацоўшчыкі. Як гэта паўплывае на “Белазар?

Мне вельмі прыемна, што зяўляюцца новыя праекты, прысвечаныя гэтай праблеме. Паколькі ўсе праграмы-перакладнікі, якія распрацоўваюцца, зяўляюцца некамерцыйнымі (як і Белазар), я бачу ў іх не канкурэнтаў, а магчымасць абмяняцца думкамі і ідэямі наконт далейшага развіцця лінгвістычных алгарытмаў і інш.

Як вы лічыце, чаму ў нас так мала беларускамоўных праграм?

А якія папулярныя праграмы, якія былі б створаныя беларусамі, Вы ведаеце? Паглядзіце ў меню “Пуск сваёй сістэмы, што там ёсць: напэўна Офіс, магчыма Total Commander, The Bat!, Photoshop, GetRight, іншыя праграмы. Усе яны напісаныя не ў Беларусі. Хаця, вось карта Мінска CityInfo напісаная беларусамі, дык для яе існуе беларускамоўны інтэрфейс. Афіцыяльныя рускамоўныя версіі праграм таксама не адразу зявіліся. Каб у замежных распрацоўшчыкаў узнікла жаданне ствараць беларускі інтэрфейс яно павінна быць фінансава матываваным, павінен пашырацца беларускі ІТ-рынак. А пакуль можна спадзявацца толькі на аматараў, якія займаюцца самастойным перакладам розных праграм на беларускую мову. Дазвольце скарыстацца магчымасцю і запрасіць усіх чытачоў газеты на сайт BelarusSoft, дзе можна знайсці шмат перакладаў да папулярных праграм. Дарэчы, на днях там зявіўся пераклад да новай версіі выдатнага Інтэрнэт-аглядальніка Опера 7.50, калі ласка запрашаем!

Трэба ці не друкаваць на беларускай мове кампютарныя матэрыялы? Бо, апытанне, якое праводзіла газета Ч&І наконт гэтага, паказала нейкую няўпэўненасць чытачоў у патрэбнасці гэтага. Зявіліся нават тыя, кто адказаў, што не разумее мовы нашых продкаў.

На самай справе, для разумнага адукаванага чалавека, які трымаецца “на хвалі сучасных тэхналогіяў, няма аніякай розніцы, на якой мове напісаны той ці іншы матэрыял на тэму ІТ. Разгарніце любую кампутарную газету, або наведайце які-небудзь інфармацыйны сайт, і Вы знойдзеце ў артыкулах вельмі шмат слоў, якія маюць аднолькавыя корні як у рускай, так і беларускай і ангельскай мове. Моўны працэс у вобласці кампутарных тэхналогій ва ўсім свеце ідзе да уніфікацыі. І той, хто гаворыць, што не разумее тэхнічны тэкст на беларускай мове, ці наўрад зразумее гэты ж тэкст, напісаны па-руску або па-ангельску.

Таму пытанне тут хутчэй ляжыць не ў плоскасці зразумела-незразумела, а ў плане патрэбна ці не патрэбна. А вось адказ на гэта пытанне цяжка перадаць словамі, гэта трэба прачуць сэрцам! Такія інструменты, як Белазар, дапамагаюць людзям, якія зрабілі правільны выбар.

Прысутнасць беларускай мовы ў Сеціве пашыраецца, гэта факт. Зяўляюцца беларускамоўныя старонкі на рускамоўных сайтах, форумы, нават гэты артыкул таксама праява гэтай тэндэнцыі. Гэта не можа не радаваць.

Што б Вы пажадалі тым, хто пачынае ствараць праграмы з беларускамоўным інтэрфейсам?

Спачатку вы павінны вырашыць, на якую аўдыторыю разлічаная ваша праграма. Калі вы збіраецеся распаўсюджваць яе сярод сваіх сяброў і знаёмых, — пішыце праграму адразу па-беларуску, так прасцей.

Калі ж вы разлічваеце выкласціяе ў Інтэрнэце, я вельмі рэкамендую прадугледзець магчымасць стварэння шматмоўнага інтэрфейсу да праграмы. У такім разе кола карыстальнікаў вашага твора стане намнога шырэй. Існуюць неблагія кампаненты для гэтай мэты. Для Дэлфі-праграмераў магу парэкамендаваць Balmsoft Polyglot (
http://www.balmsoft.com ). Ён просты ў карыстанні і распаўсюджваецца бясплатна.

Калі вам цяжка адразу пісаць інтэрфейс праграмы па-беларуску пішыце па-руску, а беларускі пераклад выканаеце з дапамогай Паліглота і Белазара непасрэдна перад стварэннем усталявальнага пакета.

Дарэчы, пра ўсталявальнікі. Хачу парэкамендаваць выдатны універсальны інсталятар для Windows-праграм Inno Setup. Гэта вельмі функцыянальная і надзейная праграма, да таго ж бясплатная, і да яе ёсць беларускі модуль. (Спадзяюся, вы ўжо здагадаліся, дзе яго можна ўзяць? J)

Да Вас не паступалі прапановы ад устаноў адукацыі?

Пакуль такіх прапаноў не было. Але мне прыходзіць вельмі шмат лістоў ад карыстальнікаў праграмы, у тым ліку і ад настаўнікаў і студэнтаў, з новымі перакладамі, экспартаваннямі і слоўнікамі. Справа ў тым, што напаўненне слоўніка Белазара гэта вельмі працаёмісты працэс для аднаго чалавека. Таму я вырашыў выкласці на сайце для вольнай запампоўкі базавы слоўнік, а поўны слоўнік карыстальнікі могуць атрымаць толькі зрабіўшы свой унёсак у агульную справу.

Гэта практыка поўнасцю сябе апраўдала. У апошні час абем слоўніка павялічваецца прыкладна на 1000 артыкулаў кожнай мовы ў месяц. Таму я заклікаю чытачоў Вашай газеты, якія маюць вольны час і жаданне, далучацца да нашай праграмы па напаўненню слоўніка Белазара. Агульнымі намаганнямі справа пойдзе шмат хутчэй!

Якія перспектывы, планы на будучыню у Белазары? Якія плануюцца змены?

У мяне вельмі шмат ідэй па далейшай дапрацоўцы і удасканаленню Белазара. Шмат пажаданняў прыходзіць і па пошце. Сярод бліжэйшых планаў распрацоўка інтэрфейсу праграмы на беларускай і рускай лацінцы, рэалізацыя аўтазахавання слоўніка праз азначаны час, і інш. А на перспектыву рэалізацыя перакладу беларускага тэксту з тарашкевіцы ў сучасны правапіс (наркамаўку), дапрацоўка структуры базы дадзеных слоўніка і алгарытмаў перакладу.

Нажаль, мне не хапае вольнага часу, таму праца ідзе не вельмі хутка. Але і не стаіць на месцы: з пачатку года ўжо выйшла 2 рэлізы Белазара, рыхтуецца трэці.

У мяне таксама ёсць і іншыя ідэі ў плане пашырэння прысутнасці беларускай мовы ў сферы інфармацыйных тэхналогій. Напрыклад, распрацоўка беларускамоўнага меню для сотавых тэлефонаў.

У гэтай сувязі хачу праз газету звярнуцца да прадстаўніцтваў Siemens і Samsung у Беларусі. Зараз гэтыя кампаніі праводзяць актыўныя рэкламныя акцыі па прасоўванню сваіх GSM-трубак на беларускі рынак. Я мог бы, пры тэхнічным садзейнічанні з іх боку, выканаць прафесійны пераклад меню адной ці некалькі мадэляў тэлефонаў (напрыклад, C60 або X100). Тым больш, што на сёння ганаровае месца першага ў гісторыі беларускамоўнага сотавага апарата застаецца вакантным.

І апошняе пытанне. Што б Вы пажадалі нашай аўдыторыі?

Як я разумею, большасць вашых чытачоў тым ці іншым чынам маюць дачыненне да кампутараў, Інтэрнэта і інфармацыйных тэхналогій увогуле. Таму я хачу вас заклікаць больш актыўна выкарыстоўваць беларускую мову ў сваіх праектах. Стварайце варыянты персанальных старонак на беларускай мове, дадавайце беларускамоўны інтэрфейс у форумы, чаты, электронную пошту, праграмы! Гэта не толькі падкрэсліць адметнасць вашага рэсурса і прыналежнасць яго да Байнэта, але і будзе пашыраць межы віртуальнай Республікі Беларусь у інфармацыйнай прасторы, падвышаць імідж і значнасць Беларусі як сучаснай, высокатэхналагічнай дзяржавы.

Тым больш, што зараз, дзякуючы электроннаму перакладніку Белазар, рабіць гэтую справу стала значна прасцей, чым яшчэ год ці два таму назад.

Хай поспех спрыяе ўсім вашым справам на карысць вашу асабіста і на карысць Бацькаўшчыны!

А тым, хто не зусім зразумеў, што напісана ў гэтым артыкуле, калі ласка запрашаю за дзіным на сёння бясплатным беларуска-рускім перакладнікам Белазар на сайт
http://belazar.belinter.net

Дзякуй за цікавую размову.

 

(r) www.fdd5-25.net Форма обратной связи.